Onlayn kitobni bepul oʻqing: ta muallif  Дзяўчыначка сэрца сябе не трывож

Алесь Гарун


Дзяўчыначка сэрца сябе не трывож...

Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож,

Ня песьці надзеі і жалю ня множ.

З табою пабрацца мне волі няма, –

Даўно заручыўся я ўжо са трыма:

Айчызна, – я ёй у няволі жыву,

Штоноч яе бачу, маўляў, наяву,

За ёю сумую, журуся адно,

Бо шчырым каханьнем зьвязаўся даўно.

Другая: матуля. Радзіўся калі

I голас мой першы падаў на зямлі,

Замучаны твар усьміхнуўся яе:

«Сыночак мой любы», – вітала мяне.

Аб трэцьцяй, дзяўчынка, скажу, што яна,

Другое ня знойдзеш – на сьвеце адна:

За краты няволі паслала «люблю»,

Дык хіба ж з табою яе падзялю?

Пакінь жа, галубка, з каханьнем сваім!

Шукай сабе шчасьця за кім за другім;

Пяшчоты, залёты ня траць ззадарма,

Даўно заручыўся я ўжо са трыма.