Апавяданне бабкі аб доме пана падлоўчага зрабіла моцнае ўражанне на маладога настаўніка. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ў яго ўяўленні, а дапытлівая думка імкнулася ўнікнуць ва ўсе схованыя пружыны гэтае драмы чалавечай душы. І гэта трагедыя людскога жыцця авявала і вобраз панны Ядвісі, атуляла яго нейкай няяснай заслонай тайнасці цёмнай палескай глушы. І сама гэта глуш усё выяўней прымала своеасаблівы воблік, як нешта само сябе здавальняючае і існуючае сваім уласным жыццём, таемна пераплятаючыся і лучачыся з людскім лёсам.