Даўно мінуліся тыя рэдкія сонечныя пагодлівыя дні, калі ўранні хрусталі пад нагамі ільдзінкі, як шкло; калі адтайвала груда на вуліцы і калі празрыстае, ядранае паветра, сіняе неба і прыемны, араматны дымок яленца ў полі, дзе пастушкі клалі цяпло, калі ўсё гэта бадзёрыла і асвяжала і паддавала весялосці ўдзень і ахоплівала засмучонай кволай прыгажосцю ўвечары; мінуліся тыя дні, калі, бывала, садзілася чырвонае сонца, а залатое лісцё, падхогшенае ветрам, шуршэла і мільгала з-пад голых, смутна-спакойных дрэў, далёка-далёка па невясёламу раздоллю, па полю халоднаму, голаму, блізка што зімоваму; ах, мінуліся тыя дні.
Размачылі зямлю бясконцыя дажджы. Мокры, хлопам, белым роем снег штодня зрэдку злятаў на зямлю і знікаў у гразі.
Сад ціхі, сонны... I яблынькі спяць, і лісцікі на дульцы трызняць паціхеньку, праз сон... Але няма ўжо той салодкасці, што была ў маленстве, няма, няма... Прытупілася ўспрыманне, прыйшла проза жыцця.
некалі ж глыбока-глыбока адчуваў салодкасць жыцця, калі, бывала, скарадзіў папар і надвечар, змарыўшыся, садзіўся на барану і пад залатымі касякамі сонейка на захадзе з вялікім здаволеннем аглядаўся навакол, з вялікім смакам еў засохлы за дзень кавалачак хлеба з салам, маючы на тое за сваю працу поўнае заслужанае права. Дзе яно тое ўсё цяпер?
«Нашто я сюды ехаў? Нашто я сюды ехаў?» – думаў Лявон, выходзячы з застолля
Так заўсёды і жыла тут сумная затуканасць і крыклівая пустота, а за імі следам ішло троху схаванае, але няўхільнае псаванне нерваў.
Абапал вуліцы цягнуліся прысады старых ліпін. Веццем сваім абхінулі яны вуліцу з нясветлымі ліхтарамі. Ужо сыпалася лісце. Тужліва шумелі дрэвы, сцёбалі галінку аб галінку і ранялі на вуліцу першы пажоўклы ліст. Здаецца, яны слухалі воддальны шум і ўзіраліся ў адзінокія фігуры, хаця ім, дрэвам, усё роўна.
Як люба, як прыемна сядзець у вагоне пад расчыненым вакном у ясны, цёплы, сонечны, пагодлівы дзень і ехаць па Беларусі.
думаю, што ў нашым вызваленчым руху настаўнікі і літаратары яшчэ доўга будуць больш патрэбны, чым каморнікі і аграномы.
Без жалю пакідаю гэты няшчасны глухі горад, дзе праўчыўся чатыры доўгіх гады і дзе ўсе мы мелі столькі думак і жаданняў, надзей і планаў, ціхіх радасцей і ўцех, юнацкага сяброўства...
Надумаўся ўзяцца за сялянскую працу, працаваць да поту, гаварыць з людзьмі, казаць ім аб вызваленні і лепшым жыцці, усведамляць іх... Адпачнуўшы троху ў бацькі, паехаць зноў у свет, на сваю працу, а там ужо будзе відаць, што і як